Пра музей
Паважаныя наведвальнікі экскурсіі!

Вітаем вас у музеі, які мае назву «Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі». Наш музей створаны з мэтай захавання педагагічнай спадчыны беларускага народа. Канцэпцыя музея прадугледжвае адлюстраванне гісторыі адукацыі нашай краіны праз гісторыю беларускай вучэбнай кнігі.
Па меркаваннях навукоўцаў, вучэбная кніга з’яўляецца адным з гісторыка-культурных сімвалаў Беларусі. Амаль усе знакамітыя дзеячы нашай зямлі былі звязаны з асветай і скіраваны на асветніцкую кнігу. Сярод славутых імёнаў – Еўфрасіння Полацкая і Францыск Скарына, Сымон Будны і Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі і Спірыдон Собаль, Алаіза Пашкевіч, Якуб Колас і інш.
КНІГА – адно са старажытных вынаходніцтваў цывілізацыі

З’яўленне пісьменства i вучэбнай кнігі значна павялічылі магчымасці захавання, перадачы інфармацыі і вызначальна паўплывалі на развіццё адукацыі і педагагічнай думкі на беларускіх землях на працягу ўсіх перыядаў гісторыі Беларусі.
Перыядызацыя выкладу інфармацыі грунтуецца на храналачным гісторыка-дзяржаўніцкім падыходзе. Гэты падыход дазваляе вылучыць наступныя гістарычныя перыяды:
- СТАРАЖЫТНАЯ РУСЬ (862–1248)
- ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ, РУСКАЕ, ЖАМОЙЦКАЕ (1248–1569)
- РЭЧ ПАСПАЛІТАЯ (1569–1795)
- РАСІЙСКАЯ ІМПЕРЫЯ (1795–1917)
- СТАНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ (1917–1922)
- ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ПОЛЬШЧЫ (1921–1939)
- БССР У СКЛАДЗЕ СССР У ДАВАЕННЫ ЧАС (1922–1941)
- БЕЛАРУСЬ У ЧАС ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (1941–1945)
- БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ПАСЛЯВАЕННАГА АДНАЎЛЕННЯ (1945–1959)
- БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД РАЗВІЦЦЯ САЦЫЯЛІСТЫЧНАГА ГРАМАДСТВА (1960–1969)
- БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД «РАЗВІТОГА САЦЫЯЛІЗМУ» (1970–1979)
- БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ПАЛІТЫЧНЫХ ПЕРАМЕНАЎ (1980–1991)
![]()

Музей прысвечаны вучэбнай кнізе ва ўсіх яе аспектах, пачынаючы ад першых рукапісных кніг да кнігі сучаснай.
Калекцыю музейных экспанатаў складаюць не толькі арыгіналы падручнікау, вучэбных дапаможнікау, якія выкарыстоўваліся ў адукацыйным працэсе ў навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды, але і факсімільныя, рэпрынтныя выданні рукапісных, старадрукаваных кніг і іх алічбаваныя копіі ў электронным варыянце.
У сістэме постераў адлюстраваны найбольш значныя падзеі з гісторыі адукацыі, дзейнасць беларускіх асветнікаў, адкрыццё навучальных устаноў, друкарняў з улікам іх ролі ў стварэнні вучэбнай кнігі.
